epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кім мы будзем

Славяць людзі металістаў,

Інжынераў, піяністаў,

Маракоў і мастакоў,

Ды між іх з няменшай славай

Ў нашым краі ззяюць справы

Палявых працаўнікоў,

Камбайнёраў, трактарыстаў —

Нашых матак і бацькоў.

 

Мы з маленства бачым самі,

Як пшаніцамі, жытамі,

Як аўсамі і ільнамі

Аздабляюцца палі.

Каб паўнелі свірны хлебам,

Трэба рукі, розум трэба

І каб дружна ўсе жылі.

 

Славяць людзі металістаў,

Інжынераў, піяністаў,

Маракоў і мастакоў.

Ды між іх з няменшай славай

Ў нашым краі ззяюць справы

Палявых працаўнікоў,

Камбайнёраў, трактарыстаў —

Нашых матак і бацькоў.

 

Мы канчаем школу скора.

Вабяць нас завод і мора.

І харыстаў і танцораў

Шчыра любім мы заўжды.

Але ўсё ж ад роднай справы,

Ад бацькоўскай светлай славы

Мы не пойдзем нікуды.

 

Застанёмся з родным полем,

З яго сонечным прыволлем,

З яго шчодраю красой,

Каб ніколі не марнела,

Каб яшчэ вышэй звінела

Яго слова над зямлёй!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан