epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кліч

Між рэчак, між бароў, на сонечнай мяжы,

Я чую кліч.

— Гэй, чый ты, кліч, скажы?!.

 

— У нашай вёсцы маці ёсць старая.

Яна, ты знай, сягоння памірае.

І плач аб сыпе у яе ваччу.

Я сына да яе гукнуць лячу...

 

— О кліч! Ляці ж хутчэй! Няхай не спыняць

Цябе ні громы, ні валы на плынях.

Бяры на дапамогу й голас мой.

Знайдзі ты сына! Маці супакой...

 

І кліч узвіўся. І маю спагаду

Панёс з сабою ў шэлесце сваім.

І ўсе вятры, як быццам па загаду,

Спыняліся на момант перад ім.

 

На рэках сціхлі хвалі, лес магутны

Змоўк перад ім — мо ўпершыню ў жыцці.

І быў далёка гул прастораў чутны:

— Ад маці, кліч, няспынна ты ляці!..

 

Але як толькі змоўклі воды й долы,

Каб кліч ад маці вольны меў палёт,—

Адкуль прыйшлі і загулі наўкола

Мільёны іншых клічаў-перашкод?

 

Хтось плакаў, што яго не пакахалі,

Хтось енчыў аб нязбытнасці надзей,

Хтось пагражаў камусьці,

Хтось без жалю

Наводзіў ствол гарматны на людзей.

 

Хтось гараваў аб золаце, багацці,

Хтось аб сусветнай славе летуцеў,—

І кліч аб тым, што памірае маці,

Да сына ў тлуме тым не даляцеў.

 

І я заместа сына па-пад ёю

Стаю, і гневу крык ідзе з душы:

О вы, нікчэмныя, што нечаю крывёю

Здабылі сваёй славы барышы,

О вы, ханжы, пыхліўцы й сябелюбы,

Бязлітасныя хціўцы і хлусы,

Каму на сэрцы

Не баліць ад згубы,

Хто прагне зла на вечныя часы,—

 

За крыўду маці і за сынаў смутак,

За тых, што век пакутна пражылі,

Кідаю кліч знішчэння

Супраць лютых

Вас, сябелюбаў хцівых на зямлі!..

 

Кідаю кліч і думаю трывожна:

Ці даляціць, ці будзе сілы мець?

І кажа свет мне: — Жыць інакш няможна

Павінен ён да мэты даляцець!

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан