epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Коцік і кошачка

Часам пачуеш —

яна яму: — Коцік,

З’еш шакаладку,

адкрый мне свой роцік...

— Кошачка, кіса! —

яе ён мілуе,

Губкі складзе

і руку пацалуе,—

Столькі ўсялякіх

пяшчот і прыкрас,—

Хоць ты пастаў

тых людзей напаказ.

Побач змясціць бы іх

на п’едэстале,

Каб было відна

аж з самых аддалін,

І для эфекту —

плакацік з натуры:

Вось, маўляў, людзі

высокай культуры! —

Тут вам і прыклад,

тут вам і ўрок,

Як паважаць

і сябе і жанок!

Толькі... чакайце,—

што бачым за дзіва? —

Бойка ў кватэры,

ляціць чыясь грыва,

Лаянка, лямант...

Дык што ж тут такое?

Гэта — знаёмыя нашыя

двое —

«Коцік» і «Кошачка» —

ў «бліжнім баю»

Зноў паказалі

«культуру» сваю.

«Кошачка»

рэшткамі ад абеду

Перакаціла

нябогу-суседа,

«Коцік»,

пенснэ папраўляючы

зграбна,

Брыдка зняважыў

суседку, нахабна.

Разам жа,

сілы з’яднаўшы дваіх,

Выгналі з кухні

суседзяў старых.

Скончана справа

на подзвігу ратным...

Зноўку на вуліцы

або ў тэатры

Перад людзьмі

яны ходзяць так чынна.

— Кошачка, кіса!..—

спявае мужчына.

— Коцік, дай роцік! —

ляпеча яна.

Ах, што за пара!

Лагоднасць адна!..

 

Людзі, не верце вы

гэтым крыўлякам!

Знайце — няма ў іх

культуры ніякай.

Гэта — мяшчане,

двудушная пара.

«Ласка» на іхніх

напісана тварах,—

Мы ж сабе знаем,

што гэтая «ласка»

Проста нікчэмная

хітрая маска.

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан