epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кок-Таш

— Гэй, старэча-чабан, ты мне скажаш ці не,

Што такое там бачна ў цясніне на дне —

Ці кішлак засмужоны, ці толькі міраж?

— То? То, друг, не міраж, то сяленне Кок-Таш.

— То Кок-Таш? Значыць, правільна ўсё ж я іду!

Мне Кок-Таш і патрэбен! А доўга прайду?

— Доўга? Не. Што тут доўга? Ўсё проста ідзі:

Толькі ўперад ідзі, па баках не глядзі

Ды трымайся часамі мацней за карніз,

Каб не скочыць, не рынуцца птушкаю ўніз...

 

— Добра, дзед! —

Падарожны спяшаецца наш,

Трэба хутка яму, хутка трэба ў Кок-Таш,

Да сяброў, для якіх ён сягоння нясе

Сваю песню сустрэчы ў вясновай красе!

Вось ідзе ён, ідзе, а як быццам зусім

Не паменела шляху: Кок-Таш перад ім,

А сцяжынцы зманлівай канца не відаць.

Добра — горца сустрэў, хоць жа можна спытаць.

 

— Гэй,— крычыць ён,— хвіліначку, дзеду, пастой,

Адкажы мне: ці гэта Кок-Таш прада мной?

Столькі крочу, і ўсё — як дарэмна, разваж,

Можа, я заблудзіў? Можа, то не Кок-Таш?

— То Кок-Таш! Ён і ёсць!..—

Зноў гаворыць стары...

І далей падарожны паўзе па гары,

Пералазіў ізноў са скалы на скалу...

Уздыхаў, небарака, зайздросціў арлу...

І нарэшце...— глядзіць і не верыць вачам:

Зноў ён там, адкуль раніцай шлях свой пачаў.

 

— Эх, ты ж, дзед! Ці ж не бачыш — брыду, нібы ў сне...

— Ты ў Кок-Ташы пабыў?

— Ты смяяўся з мяне,

Ты казаў, што ён блізка, а тут не дайсці...

— Значыць, ты не дайшоў... Так заўсёды ў жыцці...

Сёння ранкам ты, дружа, пытаўся ў мяне,

Што такое там бачна ў цясніне на дне,

Але ты не спытаў, як патрапіць туды,

Ганарлівым ты, дружа, быў вельмі тады...

 

— Я? Павер мне, дзядуля, звычайным быў я!

Гэта сіла — юнацкая сіла мая

Не чакала пытацца, здавалася ёй,

Што заўжды ёй і ўсюды удасца самой

Сцежку-шлях адшукаць для сябе, для людзей...

 

— Што ж, юнача, тваіх я не ганю надзей.

Пракладзеш сваю сцежку яшчэ ты не раз,

Але, юны мой друг, не забудзь і пра нас,

Мы таксама свой век недарма пражылі,

Пракладалі дарогі па роднай зямлі,

Пракладалі не толькі, мой друг, для сябе,

А для ўсіх, і між гэтых усіх — для цябе.

Я стары і хачу табе шчасця, заўваж,

Дай руку і хадзем: вось дарога ў Кок-Таш!

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан