epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Колас

Коласу — вырасціць

жменю зярнят.

М. Танк

 

Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю,—

Кінуў калгаснік

зерне ў раллю.

Поле

з ласкай,

як шчырая матка,

Коўдраю цёплай

Укрыла зярнятка.

Потам,

што па расінцы збірала,

Карміла,

Сокам,

што з глыбіні даставала,

Паіла.

На свет, пад дажджы

Падымала ўлюбёна.

І скора

Колас

Устаў над загонам.

 

Доўга сонца гарачае

З высі

 

Песціла колас,

Каб добра наліўся,

 

Покуль прыгнуўся з пакораю долу,

Буйны, чакаючы жнеяў вясёлых.

 

Сціх урачыста ў той міг далягляд!..

Вырасціў колас жменю зярнят.

 

Зноў жа калгаснік, што веснаю колісь

Потам паліў неагляднае поле,

 

Зерні правёў у дарогу і ветлым

Словам напутным даў запавет ім.

 

Што ён сказаў ім, куды іх паслаў ён?

Многа шляхоў у вялікай дзяржаве!

 

Кожнаму многае ў далях відно...

Прыйшло на руіны зерне адно.

 

Пад здатнай рукой, што зламала ўсе церні,

Ўзрасло над падмуркам калгаснае зерне.

 

Паклаў сваёй сілы рабочы нямала...

І вось —

Зерне домам цудоўным устала.

 

Відно яму ўсё: ці дарогі, ці далі.

І ленінскай школаю дом той назвалі.

 

Шле горад падзяку ад маці-краіны

У вёску, і ўжо селянін свайго сына

 

Праводзіць у горад вучыцца і кажа:

— Хай зерне навукі ў душу табе ляжа,

 

Як роднае наша; хай так прарастае,

Каб славы прыдбаў ты савецкаму краю.

 

Па іншых шляхах, ды з імкненнем адзіным

Астатнія зерні прайшлі ўсю краіну.

 

Адно з іх спынілася ў шахце, ў забоі,

На рэйдзе далёкім паўночным — другое;

 

Змагалася трэцяе за перамогу

На грозных, упартых дняпроўскіх парогах;

 

Чацвёртае — стрэлі заводы Урала,

А самае буйнае — песняю стала.

 

Праросшы праз словы у сэрцах мільёнаў,

Прыйшла тая песня да родных загонаў

 

І радасным рэхам апала на поле,

Дзе столькі прастору, дзе столькі прыволля,

 

Дзе глебу ўзбівае калгасны араты,

Каб вырасціў новыя колас зярняты.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан