epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Конь Даватара

Пасецца калгасны табун.

Хлапец задрамаў ля агня.

І сніць, нібы сам Даватар

Прыводзіць свайго каня.

 

Вогненная грыва,

Сярэбраныя капыты,

А ля вачэй як быццам

Месячык залаты.

 

І кажа Даватар хлапцу:

— Глядзі ж ты, шануй яго, брат,

Ён занясе цябе ў шчасце,

Дзе будзе жыццё, як сад.

 

А можа, настане час

Быць і табе ў баю,—

Дык я тады дам табе, дружа,

І вострую шаблю сваю.

 

Коціцца хваляй грыва,

Шугае з грывы агонь,

Ажно вагаецца поле,

Гэтак хвалюецца конь.

 

— Але,— кажа зноў генерал,—

Я марыў калісь на вайне,

Каб ён пасля Перамогі

У добрым хадзіў табуне...

 

Аж горача стала хлапцу

Ад гэтых апошніх слоў.

— Дзядзька, дзядзька Даватар,

Мой лепшы з усіх табуноў!..

 

І крыкнуў тады генерал,

І конь паляцеў к табуну,

І радаснае іржанне

Хлапца абудзіла ад сну.

 

Пад сонцам гамоніць зямля

Пра шчасце працоўнага дня.

І хлопец спяшае сесці

На лепшага свайго каня.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан