epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Крылатая далячынь

Сем рэчак пад чоўнам,

Сем поўных азёр,—

Блакітнае мора,

Блакітны прастор.

 

Вальнейшае волі

Нідзе не знайсці:

Куды ні захочаш —

Бы птушка, ляці.

 

Распраўлены ветразь

Вятрыска напне.

І сэрца рванецца

Насустрач вясне.

 

Аж свішча паветра,

Пяе, нібы сталь.

Прымай нас абдымкамі

Родная даль!..

 

Далі нам прастору

І волю бацькі.

Шляхі падарылі

На векі вякі.

 

Заклікалі лётаць

І хвалі скараць.

Вучыцца плаціны

І моры ствараць.

 

Трымай жа, мой сябра,

Мацней свой штурвал.

Бач — вецер мацнее,

Зноў высіцца вал.

 

Крылатая ў вочы

Імкне далячынь.

Узносіцца ветразь

Пад самую сінь...

 

Сем рэчак пад чоўнам,

Сем поўных азёр,—

Блакітнае мора,

Блакітны прастор.

 

А колькі іх, сонцаў,

Настрэчу ў вадзе!..

Няма такой волі

На свеце нідзе!..

1986


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан