epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Крынічка

Тут біла крынічка.

Старэнькія вольхі,

Як дзівы-бабулі, глядзеліся ў воды

І ўсё шапяталі.

 

Аб чым шапяталі

старэнькія вольхі?

Аб сіле глыбіняў ці велічы неба?

Хто скажа пра гэта?

 

А толькі такога ніхто і ніколі

Не знаў, мусіць, шчасця,

як той, хто, сасмяглы,

Схіляўся ля вольхаў.

 

Схіляўся ў паклоне над звонкім струменем,

Дрыготка і прагна піў воды жывыя

І чуў, як мацнее...

 

*

Прыйшла нечакана да ціхай крынічкі,

Прыйшла, загрымела над берагам Сожа

Ліхая навала;

 

Зламала і ссекла варожаю бомбай

Ля самага дола, ля самых карэнняў

Старэнькія вольхі,

 

І ўпалі са стогнам яны на пясчаны

Курган,—

што засыпаў, бы воіна ў полі,

Жывічку-крынічку...

 

І лета мінула, і восень мінула,

Крынічка-жывічка як быццам заснула,

Як быццам памёрла.

 

Зарос палынамі курган па-над ёю,

Зіма ля кургана завеі вадзіла,

Катала сумёты,

 

І новай вясной, калі сонейка ўстала,—

Нішто не ўзбудзілася, не ажыло тут,

Ля вербаў счарнелых...

 

*

Але пад зямлёю, ў глыбінях ахоўных,

Жыла ўсё ж крынічка, і нават не спала,

І ўсё сабе чула.

 

І чула крынічка ў галошанні ветраў

Чужую гамонку, варожую мову

Па ўсім наваколлі;

 

І чула, як тут расстралялі аднойчы

Сям’ю партызанскую: дзетак маленькіх

І дзеда сівога;

 

І чула, як маці маленькіх шукала,

Шукала, гукала, зямлю цалавала

І рукі ламала...

 

*

О, як жа хацела крынічка-жывічка

Вадой жыватворнай абмыць яе раны,

Суняць яе гора!

 

О, як жа хацела крынічка-жывічка

Вось тут, з-пад кургана, да яснага света

Прабіць сабе выхад!

 

О, як жа хацела! Ды некаму зараз,

Ды некаму зараз было памагчы ёй:

Навокал — чужынцы...

 

*

Тады па нябачных па жылах глыбінных

Паслала крынічка гаючыя воды

Да пушчы цяністай;

 

Паслала туды, адкуль чуліся часта

Знаёмыя шэпты, знаёмыя словы

Знаёмае мовы;

 

Паслала шукаць, дзе надзейны ёсць выхад,

Дзе губы сасмяглыя, сэрцы збалелыя

Прагнуць спагады...

 

*

І вось пад ялінай, ля самай зямлянкі,

З’явіўся струменьчык і жвавы, і звонкі,

І светлы, як маці.

 

І людзі яго абступілі ў здзіўленні,

І людзі над ім нахіліліся з ласкай,

Як над дзіцяняткам,

 

І ўсе па чарзе цалаваліся шчыра

З пасланцам крынічкі, што біла калісьці

З-пад вольхаў старэнькіх.

 

Ніхто тут не ведаў, што гэта ўсё тая ж

Крынічка-жывічка, ім родная змалку,

Знайшла іх у пушчы,—

 

Яна ж прабівала глыбінныя тоўшчы

І бачыла шчасце — што зноўку патрэбна

Для сэрцаў любімых...

 

Начамі і днямі грымелі навокал

Баёў партызанскіх, вайны ўсенароднай

Знішчальныя громы.

 

Слязамі і смуткам матулі і жонкі

Праводзілі паўшых, навек непаўторных

Сыноў і кармільцаў,

 

Героямі помсты ўставалі жывыя

Асілкі народа, байцы перамогі,

Ўставалі на подзвіг,—

 

І біў несціхана ў той пушчы ваяцкай —

Звінеў, супакойваў, і цешыў, і клікаў

Струменьчык глыбінны...

 

*

З-за Сожа, з усходу, з вялікай Радзімы

Аднойчы світанкам пачуліся ў пушчы

Навіны-грымоты,

 

Ішлі яны гулка, ляцелі імкліва,

І ў пушчы зараз прагучалі два словы:

Свабода і Слава!

 

І рушылі з пушчы свабодзе насустрач

Байцы-партызаны, і маці, і ўдовы,

І дзеці малыя...

 

І там, дзе на месцы жывічкі-крынічкі

Цяпер узвышаўся курган з палынамі,—

Там сталася цуда.

 

Байцы-пехацінцы, скасіўшы фашыстаў,

Для новага бою на гэтым кургане

Капалі акопчык.

 

Капалі акопчык салдаты — і раптам

Забіла магутна з-пад іхніх лапатак

Крынічка-жывічка.

 

І, мусіць, ніколі такой жыццядайнай,

Такой жыватворнай ад дня нараджэння

Яна не была тут,

 

Бо тыя салдаты, што стрэліся з ёю,

Што ёй вызваленне і волю прынеслі,

У бітвах не ўпалі,

 

Яны і сягоння нясуць нашу славу,

Будуюць і сеюць, шляхі пракладаюць

Для шчасця людскога...

 

*

Шмат бачыла гора зямля наша — маці,

Шмат ран ёй пакінулі ворагі-каты,

Чужынцы ліхія.

 

Ды гляньце: вось тут, на зямлі нашай роднай,

Як біла крынічка — глыбіннае сэрца,

Так б’е і сягоння.

 

Сатлелі старэнькія вольхі, ды зараз

Шуміць па-над ёй маладзенькі альшанік

Надзейнай аховай.

 

Я ўзрос каля гэтай крынічкі-жывічкі,

Над светлым струменем не раз я схіляўся

І сёння схілюся.

 

І я не паверу ніколі на свеце,

Што можна скаваць, што спыніць хаця можна

Імкненне і веру!

 

Імкненне не можа пражыць без імкнення,

Любоў да любові дарогу й напрамак

Заўжды адшукае.

 

І вечны, й нязрушны ўсе тыя прасторы,

Дзе б’юць жыватворныя светлыя плыні,

Каб сэрцы мужнелі!

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан