epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Крынічка Радзімы

Я спаткаўся

з крынічкай бруістай,

Я напіўся гаючай вады.

І з тых дзён

яе звонам вячыстым

Звоніць сэрца маё праз гады.

 

Я пачуў над крынічкаю гоман

Векавых прамяністых вяршынь.

І з тых дзён

па дарогах без стомы

Я іду —

як іх радасці сын.

 

Б’е гарачымі кроплямі ў жылах,

Не сціхаючы,

звон вечавы.

Жыццядайнай,

нястомнаю сілай

Поіць сэрца струменьчык жывы.

 

Калі цяжка —

абудзіць, спатоліць,

Калі сумна —

званчэй зазвініць.

Я з крынічкі Радзімы ніколі

Не пакіну свет сонечны піць.

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан