epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Крынічкі, ціхія крынічкі.."

Крынічкі, ціхія крынічкі,

Як я люблю вас, як люблю!

Жывы струменьчык невялічкі

Мне апявае ўсю зямлю.

 

З паклонам схілішся напіцца —

І раптам спынішся, замрэш:

Як быццам з гулкае зарніцы

Табе адкрыецца бязмеж,

 

Гадоў світанні, пошум алы,

Нязнаны нейкі свет святла...

А то ж крыніца нагадала

Твой шлях і ўсмешкай абдала.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан