epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Крыніцы

Гэта ява, не сон.

Хіба можа такое прысніцца?

Прада мною гамоняць зямлі маёй роднай крыніцы.

Ад Слаўгорскіх бароў да шырокіх лугоў Перагону

Не іду, а лячу я

на крыллях чароўнага звону.

Сэрца хоча спяваць, зранку раны старыя

не чутны.

Вербы цягнуцца веццем

да зоркі маёй пяцікутнай.

— Жыў-здароў будзь, салдат! —

мне дзяўчаты ад сэрца жадаюць.

На паходныя боты раса ападае.

А крыніцы звіняць, на лілеях —

бялюткая пена.

І няма ў мяне моцы, і сэрца заплача,

напэўна,

Так, як плакаў па іх пад Масквой

і ля Волгі шырокай,

Ад бацькоўскага краю далёка-далёка.

Ды няма болей слёз.

І крычу я: — Матуля-краіна!

Я вярнуўся к табе,

каб ніколі ў жыцці не пакінуць.

Ці мне жыць — не тужыць,

ці груган мае выдзеўбе вочы;

Толькі ў шчасці б жыла ты —

і болей нічога не хочу.

Гэта ж ява, не сон!

Цуд ніколі такі не прысніцца.

П'ю, як лепшае зелле,

крышталь сваіх родных крыніцаў.

Ад Слаўгорскіх бароў

да шырокіх лугоў Перагону

 

Не іду, а лячу я

на крыллях чароўнага звону.

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан