epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Крыўда белага бацяна

Белы бацян

адчуў, што надыходзіць май.

І стала так млосна

на заморскай зямлі бацяну.

І паклікаў бацян сяброўку,

і паляцеў у найлепшы на свеце край.

На самую лепшую

на цэлым свеце сасну.

 

Тая сасна,

найдарожшая ў свеце сасна,

Дзе нарадзіўся

і навучыўся бацян лятаць,—

О як яму снілася на чужыне яна!..

О як ён прагнуў

яе хутчэй прывітаць!..

 

Праз буры, і золь,

і жахлівы вышынь спакой

Неслі птахі

лятунак пра ўцехі вясны.

Але прыляцелі —

і над прывольнай ракой

Не знайшлі

бацяновай,

найлепшай у свеце сасны.

 

Збянтэжана, горка

з клёкатам:

«Няма... Няма...»

Доўга кружыўся бацян

там, дзе хмары бягуць...

І трымцела яго сяброўка —

не ведала, як стрымаць

Бацянову крыўду

і бацянову тугу.

 

«Паглядзі...

Паглядзі, бацян, колькі,—

клекатала яна над ім,—

Колькі тут добрых соснаў,

спынімся з табой на любой...»

А бацян

аніяк

расстацца

не мог з успамінам сваім,

Не мог аніяк прыдумаць,

што парабіць з сабой.

 

І толькі калі сяброўка

заклекатала: «Памру!..

Памру!.. Бо пара мне гняздзіцца,

дзяцей гадаваць хачу!..» —

Узвінуўся бацян над лугам

і, убачыўшы з лесам гару,

Выбраў там краж стройны

і бацянісе сказаў: «Лячу...»

 

І крычала зямля...

Да каго, да каго між людзей?..

Хто пакрыўдзіў натхнёныя сэрцы?..

— Не чапай жа хоць гэтай сасны!

Не загубі ўспамінаў

і самых лепшых надзей,

З якімі тут стануць на крыллі

малодшыя бацяны...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан