epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Крыжныя плылі паўз беражочку

Крыжныя плылі паўз беражочку,

Промнямі цвілі

насустрач дню.

Чалавек падняў над імі стрэльбу,

Ды не стрэліў сёння ўпершыню.

 

Крыжныя плылі шчасліва міма,

Плыніў з воч іх

шчырасці давер.

Чалавек дастаў патрон са стрэльбы,

Рады, што нарэшце ён не звер.

 

Крыжныя куляліся ў чаротах,

Голасна камандаваў качар.

Чалавек правёў рукой па вейках —

Нешта стаў вільготным яго твар.

 

Крыжныя ўзнімаліся на крылы,

Весела выгуквалі: лячу!

Чалавек упершыню —

у сэрцы

Песню сваёй раніцы пачуў...

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан