epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Куды ты спяшаешся, пліска..."

Куды ты спяшаешся, пліска,

Патанцуй каля майго акна.

І сонца ж яшчэ не нізка,

І яшчэ па зямлі вясна.

 

Я знаю: нямала аблётаць

Табе трэба гэткіх, як я.

І ўсё ж

з маёю самотай

Пабудзь,

сінякрылка мая.

 

Пабудзь, пагутар са мною,

Бліжэй, як сястрычка, сядай.

Вясёлаю мовай лясною

Навіны дуброў перадай.

 

З маленства мне верыцца, пліска,

Што дзеці адной мы вясны,—

Адна нас гайдала калыска,

І лёс нам, і сонца — адны.

 

Пабудзь жа!

Тваім хай ён стане,

Дзень гэты мой, шчасны такі!..

На цёплы ўспамін аб спатканні

Клюнь хлебчыка — з братняй рукі...

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан