epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Курганы

Ля Слаўгарада між хваін

У полі высяцца курганы.

Калісьці прадзедам маім

Былі тут шведы пахаваны.

 

Пятроўскіх шабляў грозны звон,

Здаецца, чуўся мне заўсёды,

Калі яшчэ з дзіцячых дзён

Я сніў ваенныя паходы.

 

Ужо тады душа мая

Спазнала гнеў пры слове «вораг».

Не раз упрошваў бацьку я,

Каб ён курганы пазаворваў.

 

А ён адказваў мне: — Няхай

Стаяць на страх варожай сіле.

Ты ж, сын, вучыся родны край

Любіць, як прадзеды любілі.

 

Прайшлі гады. Я стаў байцом

І ў час вялікае нягоды

Усё, што высніў хлапчуком,

Дарэшты спраўдзіў у паходах.

 

Ад сцен Берліна, дзе агнём

Мы напісалі пісьмы ў вечнасць,

Вярнуўся я ў бацькоўскі дом,

Да родных сёл сваіх прырэчных.

 

Ля Слаўгарада над Сажом

Не пазнаю старой мясціны.

Магілы высяцца кругом

Ад Пікаварні да Вузіны.

 

І ўжо мой сын мяне вядзе

Паказваць новыя курганы

І ўспамінае год і дзень,

Калі тут немцы пахаваны.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан