epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Кветка на камені

У чыстым полі

Трава зялёная

Шуміць, аж буяе ўлетку.

Адкуль у полі,

У чыстым полі

Чырвоная ружа-кветка?

Такая чырвоная,

Такая чырвоная

Ды ў чыстым, у чыстым полі.

Аж сэрца заб’ецца

Ад гэтай чырвані

На чыстым поля прыволлі.

Поле зялёнае,

Плачкі-бярэзінкі

Голле схілілі нізка —

Кветка чырвоная,

Ружа-кветка

Стала замест абеліска.

Гарыць ружа-кветка

На камені белым,

Дзе ў вечнасць выбіты словы

Пра партызан,

Што змагаліся смела

І смелыя склалі галовы.

А як яна ўстала тут,

Ружа-кветка,

Што ўсіх да сябе гукае?..

Вырасла ружа

З гарачых сэрцаў,

Таму і барвянасць такая.

Так б’е з яе чырвань

У чыстым полі —

Аж сэрцы замруць нярэдка,

Калі з дарогі

Ідуць сюды людзі

І хіляцца

перад кветкай...

 

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан