epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ля вітрын

Як радасна бачыць

Між цёмных руін

Агністыя вокны {вокпы

Вячэрніх вітрын.

 

Яны — нібы заклік

Кідаюць да ўсіх,

Што горад сапраўдны —

Не горад без іх.

 

І гэта — дапраўды,

Нашто тут таіць:

Маркотна праз цемру

Па пустках хадзіць.

 

Ці ж дзіўна, калі мы —

Час маем ці не —

Прыпынімся, сціхнем

На міг пры акне.

 

За шклом прад вачыма

У ззянні агнёў

Для нас ажываюць

Праекты дамоў,

 

Шырокія плошчы,

Кварталаў рады,

Калоны, праспекты,

Алеі, сады.

 

Такім будзе горад

Праз колькі гадоў —

Мо самы прыгожы

З усіх гарадоў.

 

Стаяць будзе ўночы

Заліты святлом

Палац на Савецкай,

На Ляхаўцы дом.

 

Як робіцца цёпла

На сэрцы ў людзей!

І колькі лятункаў,

І колькі надзей

 

Народзіцца ў гэту

Зімовую ноч,—

Да дня не самкнём мы

За працаю воч,

 

З-пад кропелек поту

Устаў каб для нас

Сталіцы адроджанай

Радасны час!..

 

Лягчэй, браце, крочыць

Між цёмных руін,

Калі загараюцца

Вокны вітрын!

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан