epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ля вогнішча

Вечар, як чорны кот,

Ужмурыўся ў іскраў сяўню,

Над зараснікамі балот

Наструніла ноч цішыню.

 

Аж боязна працягнуць

Руку ў гэты важкі змрок,

Дзе хвалі бераг сякуць

Так, што скрыпіць пясок.

 

Але дачакайся, калі

Полымя згасне: тады,

Здаецца, ізноў на зямлі

Бачны твае сляды.

 

Ізноў адчуваеш ты,

Што ў цемры сядзіш не адзін:

Там цягнуцца ў рост кусты

Алешніку і крушын,

 

Там ціха трызніць рака;

Ільсняцца зоры ў высі,

А збоку, у лазняках,

Пасуцца ў статку ласі.

 

Гайдаецца рослы авёс,

Значыць, вятры не спяць,

І завушніцы з рос

На піках сцяблін звіняць.

 

А стуль, дзе лягла праз луг

У расцяробах гаць,

Саткаўшы зіхотны круг,

К табе светлякі ляцяць.

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан