epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лясны малюнак

...А сёння пацямнела.

Зацерусіў над лесам цёплы дождж.

І на паляне,

дзе бярозкі чарадою тоўпяцца,

Ці пыл слупамі —

з бараною хтось прайшоў ушыр і ўдоўж?

Ці дым клубамі —

быццам лазня для кагосьці топіцца?

 

І раптам выйшаў з гушчарні

аброслы ўвесь сівым імхом дзядок.

Дастаў капшук і піпку

і запалкай асцярожна чыркае.

І вось — узвіўся

і пабег, пабег з грудочка па грудок

Вясёлы жэўжык,—

з язычком цяпельца зыркае.

 

І шалясцяць лісцём бярозкі

і ад страху аж трымцяць, трымцяць.

А ўсё ж цікава! —

так цікава! — на праяву дзівяцца бярозкі.

І бачаць:

то вось тут, то там —

пстрык! — аж галінкі прэч ляцяць —

Выходзіць падасінавік на свет,

і на галоўцы — цёплай пары слёзкі...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан