epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лясныя сябры

— Хто там просіцца, хто б’ецца,

Хто заглядвае ў акно?

— Гэта я, твая сінічка,

Я чакаю тут даўно.

— Ты адна ці хто з табою?

— Не адна я, не адна...

Каралёк, шчыгол і пліска

Прыляцелі да акна.

А яшчэ са мною, дружа,

Згоднай купкай снегіры.

Мы іх з поўначы сягоння

Прынялі ў свае бары.

А яшчэ і амялушкі,—

Чуй, як крыльцы шалясцяць...

А яшчэ... Усёй сямейкай

Вунь і попаўзні ляцяць...

— Што ж вам трэба, што магу я

Даць вам, дружны гурт лясны?

Калі ж, бачыце, і сам я

Зажурыўся без вясны?

Сам лагодных дзён чакаю

І душой гукаю сам

Дабрыню і ласку сонца

Усёй зямлі — палям, лясам...

— Анічога нам не трэба,—

Чую голас з-за акна,—

А пачулі мы здалёку,

Як ты нас успамінаў;

А пачулі — прыляцелі

Да цябе ў твой ціхі кут...

Калі прымеш,

аж да цёплых

Да дзянькоў

прабудзем тут...

Сталі жыць у маім лесе

Птушкі шумнаю гурмой...

Пастаю між імі ранкам,—

Як пабыў з вясной самой...

 

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан