epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Лятунак мой і ява, родны свет..."

Лятунак мой і ява, родны свет...

Мой спеў, мая дарога, край Айчыны...

На ўсё жыццё

праменісты, адзіны

Наказ бацькоў — як долі запавет.

 

Усё, што ў сэрцы маю,— падару

Яму, абранцу велічнага веку,

Вялікай, шчырай праўды чалавеку,

Натхнёнасці маёй гаспадару.

 

Вось ён ідзе — з паходняю ў руках...

А вунь у стратасферы

трасы мерае...

А там — перад людзьмі, са звонкай лераю...

А там — дажынкі ладзіць на палях...

 

Ён сейбіт, ён шукальнік, ён пясняр,

Ён летуценнік, волат і няскора...

І нават там,

дзе яшчэ ўстане плён не скора,

Ён сам сабою —

як жыцця чароўны дар...

 

Святлом яго ўзвышаюся, люблю

Жыццё яго —

як дзён сваіх аснову.

Які б ні выпаў на астатак лёс суровы,

Ад любасці сваёй не адступлю.

 

Лятунак мой і ява, родны свет...

Мой спеў і мая песня —

людзі, людзі...

Пакуль дыханню радуюцца грудзі —

Жыць будзе

мой бацькоўскі запавет.

 

І будзе сэрца

з радасцю служыць

Высокай, мужнай велічы народа.

І светлай явай — шчасце і свабода! —

Як анічым на свеце

даражыць!..

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан