epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лета

Чатыры дні пад спёкай

Загон пра лівень марыў.

На пяты дзень здалёку

Прыйшла на неба хмара.

 

— Сюды! — у тую ж хвілю

Ёй крыкнулі пшаніцы.—

Спрадвеку свет кармілі

Мы булкаю-бяліцай.

 

— Да нас! Бо смерць находзіць.

Вады наўкол ні кроплі! —

Крычалі ў агародзе

Высокія каноплі.

 

Лён шамацеў: — Нікому!

Мне больш за ўсіх патрэбна.

Я коўдрай стану ў доме,

Кашуляй, кайстрай зрэбнай.

 

А ячмяні з аўсамі

Ажно жаўцелі, гэтак

Стагналі: — Мы з вусамі,

Чым горшы наш палетак?

 

І толькі бульба, быццам

Не трэба ёй нічога,

Чакала навальніцы

Маўкліва, так знямогла.

 

І хмара ўпадабала

Яе

І, бы не чула

Ўсіх просьб, загрукатала

Ды к бульбе павярнула.

 

— Усё бяры, што маю! —

І лівень хлынуў з неба.

— Расці на радасць краю,

А мне ў дарогу трэба!..

 

Але, адчуўшы сілы,

Сказала скараспейка:

— Мяне ты напаіла,

Што ж, дзякуй, дабрадзейка,

 

Ды ведай: мне не ўседзець

Без суму, калі побач

Усіх маіх суседзяў

Пакінеш ты ў жалобе.

 

Глядзі: наўкол абшары.

Дай ты і ім напіцца...

...І стала шкода хмары

Канопляў, і пшаніцаў,

 

І ячмянёў з аўсамі,

І кожнае сцяблінкі,

Што столькі дзён чакалі,

Як шчасця, хоць дажджынкі.

 

І пралілася з ласкай

Уся на поле тое —

У даўгунец, у краскі,

У збожжа залатое.

 

Таму дажджом, і небам,

І ветрам навальнічным

Заўсёды пахне хлеб наш,

Цудоўны хлеб пшанічны.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан