epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Летняя ноч

І калі адзвінела дзявоцкая песня на ніве

І асеў на абочынах пыл палявых каляін,—

Настала вясковая ноч.

 

Вось з-за воблака вынырнуў

З радасным позіркам месяц,

І апала на грады цяжка раса,

І тады зварухнулася ўсё, што ўзрасціў чалавек,

Што ён днём даглядаў, над зямлёй падымаў.

 

Расхінуўшы кіёўкі, гуркоўнік зялёнай касою

Пацягнуўся, як хобатам, да прамяністай слязы,

Азірнуўся вакол, варухнуў маладзенькім лістком,

Ціха клюнуў расіну, па жылках пагнаў.

 

І праз міг ужо стала буйнейшаю завязь,

І пахучы гурочак ад радасці піскнуў ажно,

Бы на ўлонні ў матулі,

Змясціўся на пульхнай зямлі

І ў здзіўленні ўтаропіўся ў зорную высь.

 

Скалыхнуўся сланечнік высокі, нібы па камандзе,

І відаць было, як падымаліся вышай ствалы

І як кожны шырокі свой твар падстаўляў

Пад расу, што клубілася парам наўкруг.

 

А ў садах даспявалі налітыя сонцам ранеты;

Раптам чуўся як быццам бы стрэл над зямлёй,—

Гэта рэпаўся яблык,

так біўся ў ім сок,

Ледзь трымаўся,

каб часам не ўпасці на дол.

 

Усю ноч не сціхала шчаслівая праца.

А на раніцы змораная зямля

Паднясла чалавеку свае залатыя дары

І збудзіла ў душы яго

радасці спеў.

 

Ён глядзеў з асалодай на роднае поле —

На пшаніцы, што дбайна трымалі

цяжар каласоў,

На ільны пабялелыя, на высокі гарох,

На якім калыхаліся важка струкі,—

 

І раджаўся ў ім гонар за лёс чалавека,

Бо яму ўся належала гэта краса.

Пахла мёдам. Аж соладка сэрцу было.

Зацвітала рослая грэчка ў палях...

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан