epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ліга

— Чайкі, чайкі,

На плечыкі на мае сядайце,

Прынясіце мне буру, чайкі,

Хай мяне морам абвее!..—

Па пясочку

жоўтаму, плыннаму

Бегае хлопчык,

пяе па-быліннаму

На ўзмор’і,

Дзе вецер сінее.

 

— О, Ліга, Ліга! —

Плача над хваляй сівы ветэран.—

О, Ліга, Ліга,

Чаму так баляць рубцы маіх ран?

О, Ліга, Ліга,

Вярні мне сілу!

Як зямліцу мілую

Ты поіш сокамі,

Напаі мяне радасцю,

Зрабі юным!..

 

А навокал —

звіняць дзюны:

Самыя прыгожыя дзяўчаты

На беразе мора,

Самыя дужыя хлопцы

Вянкі ім дораць,

Самыя лепшыя словы

Табе, Ліга:

Табе — святу лета,

Табе — святу сонца,

Табе — святу сэрцаў,

Песеннае Ліга.

 

Іду па беразе,

Нясу ў душы папараць-кветку.

Чароўную кветку зямлі роднай

Нясу сябрам.

Латвія!

На мове сваёй

Перадай маю радасць

палям светлым,

І мору свайму, і сваім вятрам.

 

На пясочку жоўтым —

Вянкі кляновыя,

І аер пахкі —

Быццам з мора, шуміць ля ног.

О добрая Латвія!

Нельга не славіць дні твае новыя —

З клічам сённяшняй песні

І з рэхам мінулых дарог.

 

Лагодная Латвія

І суровая Латвія,

Як я прашу цябе сёння

прыняць мяне шчыра ў сыны!

— Ліга! —

Крычу на беразе мора.

— Ліга! —

Не збаюся ні скрухі, ні гора.

Толькі дай мне, Ліга,

Любасць і мудрасць тваёй стараны!

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан