epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ліпнёвае нараджэнне

Чуйце, людзі, перанясіце мяне ў ліпнёвы дом,

Палажыце мяне ў ліпнёвую пасцель,

Накрыйце мяне ліпнёвай коўдрай,

Дайце падыхаць ліпнёвай падушкай.

Чалавек павінен хоць адзін раз адхварэць,

Хоць адзін раз

самохаць

ударыцца аб дол,

Ударыцца так цяжка, да такога болю,

Каб, апрытомнеўшы, адчуў,

што нарадзіўся нанова.

 

Нарадзіўся нанова —

і няма тых ранейшых,

што праз век прыгняталі,

трывог;

Нарадзіўся нанова —

і няма той былой,

з якой зжыўся,

чэрствасці;

Нарадзіўся нанова —

і няма той пякельнай,

што нястрымнай была і заўсёднай,

прагі

Панаваць над людзьмі,

Красавацца сабой,

Захапляцца такою ж, як у самога, вялікасцю.

 

Няма крыўды,

а ёсць толькі светлы ліпнёвы свет,

Няма цемры,

а ёсць толькі светлы ліпнёвы дзень,

Няма болю,

а ёсць толькі светлае ліпнёвае шчасце,

Няма жалю,

а ёсць толькі светлая ў душы туга.

 

О родная мая, адкажы мне, зямля любая,

Ці я яшчэ толькі падаю,

ці ўжо прытомнею? —

На зялёнай коўдры палявой ростані

Упаў вачамі ў перасушаны жоўты пясок

І плачу... няўжо плачу?..

а нада мной шумяць прысады з ліп,

І кружыцца нада мной ліпнёвая завіруха,

Ліпнёвая квецень, змешаная з цеплынёй вятроў...

І скаланаецца сэрца, быццам да яго хтось

Дакранаецца рукамі маці...

 

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан