epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ліст з паходу

Сталі дні карацець, сталі ночы цямнець.

А грымоты грымяць ад зары да зары.

Сыплюць клёны пад ногі чырвоную

медзь,

Гнуцца долу і просяць:

— Таварыш, бяры!

 

І хаця ад салдацкіх пажыткаў сваіх

Я адмовіўся сам — толькі б першым

сягаць —

Я бяру з сабой ліст і цалую пры ўсіх

І да сэрца кладу, каб ад куль захаваць.

 

Там, на полі чужым, дзе ў апошнім баю

Мы пазбавім жыццё ад жахлівых нягод,

Я прыпомню дзявочую песню тваю

І пашлю гэты ліст з вольным ветрам

на ўсход.

 

Хай ён знойдзе цябе і раскажа няхай,

Як з маіх не выходзіш ты думак і сноў,

Як ірвецца душа мая ў бацькаўскі край —

Да студзёных крыніц, да задумных

кляноў.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан