epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ліставейная дарога

Паступова забываем

рып варот і родны двор,

Перапоўненыя маем

медуніцы і чабор,

Ранак сіні над Арэсай,

над Дзвіной ці над Сажом,

Поўню светлую над лесам,

хмарку цёплую з дажджом.

Паступова летуценім

болей дзівамі ад сноў,

Ловім водгуллі і цені —

чым далей ад перуноў!

Паступова, паступова —

толькі іншым на паказ

Для акрасы ўспомнім слова —

даўні бацькаўскі наказ...

А гады ляцяць — не вернеш

аніводнага назад,

Ў дол не кінутае зерне

не папоўніць дрэўцам сад.

А сыны ўзраслі і зараз

пойдуць з хаты ў цэлы свет

Ці ты чуў —

пра што іх мары?

Што прамовіш ім услед?!.

І стаіш з тугою часам,

звінавачаны зусім —

Перад сонцам, перад часам,

прад жыццём сваім усім.

І суровая, як споведзь,

думка паліць, што агнём:

Як згубіў, як страціў повязь

і з зямлёй сваёй, і з днём?!.

Ліставейная дарога,

ліставейная пара...

Гэта так, мая трывога,—

сёння з сіверам зара...

Гэта так, мая трывога,—

хутка льдзінкі зазвіняць...

Але ты ў паход —

будзь строгай! —

не шкадуй мяне падняць.

Ёсць пуцінкі на разлогах,

зачакаліся даўно,

Ёсць ля берага рачнога

хата —

журыцца акно,

Ёсць парог у гэтай хаце,—

прычасціцца папрашу...

Загучы мне, песня маці,

загучы, ратуй душу!..

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан