epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

«Літаратурны дзеяч»

І пад псеўдонімам і без

Ён у паэзію ўсё лез,

Лез, лез і не пралез.

 

Тады ён, «майстра» зухаваты,

Адрокся ўраз ад мамы й таты,—

Пяро ад вершыкаў абтрос

І злосць у крытыку панёс.

 

Якой ні жыў ён там надзеяй,

А на людзей нагнаў спалох:

«Ён ямб адрозніць ад харэя,

Як мы ні біліся, не мог»,

Але за ўсё з апломбам браўся:

То ён з трактатам выпінаўся

(Любая тэма, сэнс любы,

Абы чырвонцы, як грыбы);

То ён з рэцэнзіяй траскучай

З газетнай плошчы паўставаў —

Навешваў «лаўры» на «вядучых»

І «шышкі» «меншым» раздаваў;

То на нарадах біў у грудзі,

Што ён за роман і за верш...

Ды зразумелі ўрэшце людзі:

— Браток, а што ты нам вярзеш?

Што пішаш ты — не зразумела,

Бяры сваіх тварэнняў кош!

Сказалі хоць не вельмі смела,

Але па шчырасці.

І што ж?

Ён усміхнуўся: — Э, нічога,

Ёсць яшчэ іншая дарога!

 

І чуткі ходзяць: бестрывожна

Ідзе ў навуку ён служыць,

Бо, кажуць, верыць ён, што можна

Чужым там розумам пражыць...

 

Ён пойдзе! Што яму? Не штука.

Ратуйся, бедная навука!..

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан