epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Літоўскаму брату

Светлым дням юнацтваў нашых

Век прызначыў не старэць.

Быў ім лёс — не ў хмельных чашах,

А ў азёрах бур гарэць.

І не раз яны гарэлі,

А выходзілі з агню —

Як надзіва, маладзелі,

Бы ўставалі ўпершыню.

 

Так і дружба наша, браце,

Маладая назаўжды.

Помню стрэчу ў тваёй хаце

Ў дзень ваеннае жуды.

Помню, як пайшлі з табою

Па тваёй зямлі наўпрост

Сустрач грому, сустрач бою —

Крок у крок і рост у рост.

 

Помню спаленыя вёскі,

Сумна-сцішаны Каўнас,

Шапатлівыя бярозкі —

Ну, такія ж, як і ў нас,—

І пад бомбамі дарогі,

І варонкі на лугу.

О зямля! Твой позірк строгі

Я ўспамінам зберагу.

 

Але вечна без прынукі

Будзе помніцца і ў сне,

Як сясцёр літоўскіх рукі

Абмывалі раны мне.

Бінтавалі раны, шчыра

Ратавалі ад бяды.

Я хацеў бы і ў дні міру

З гэтых рук папіць вады!..

 

Край літоўскі! Край мне блізкі!

Хіба ж мне цябе не знаць!

Як над Сожам — абеліскі

Па-над Нёманам стаяць.

Як над Сожам — аб героях

Па-над Нёманам пяюць.

І пад мірнаю зарою

Помнік вернасці куюць.

 

Светлым дням юнацтваў нашых

Век прызначыў не старэць.

Быў ім лёс — не ў хмельных чашах,

А ў азёрах бур гарэць.

І яны не раз гарэлі,

А выходзілі з агню —

Як надзіва, маладзелі,

Бы ўставалі ўпершыню.

 

Так і дружба наша, браце,

Маладая назаўжды.

З ёй у светлай нашай хаце

Шчасцем поўняцца гады.

Нас адны вядуць дарогі,

Думы шчырыя адны —

Там, дзе ззяюць перамогі,

Дзе цвітуць сады вясны.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан