epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лівень

Бягуць дзеці

Гурмой пад радугу:

— Ой радуга, радуга!

Ты скажы,

адкуль,

дзіва-радуга,

Твая колерная дуга?

 

Ты пакінь, пакінь,

Дзіва-радуга,

Нам на поплаве

Сваю дугу!..

Ды адказвае

З громам радуга:

— Не магу, не магу!

 

Пада мной

Наўсцяж

Лівень коціцца,

Ён здалёк сюды

Ўпарта ішоў.

Бо даўно-даўно

Нівы родныя

Ссумаваліся

Без дажджоў...

 

Бягуць дзеці

Па волкім поплаве

Пад радугу,

Радугу.

І аж свецяцца

Сонечнай радасцю

На бягу, на бягу.

 

І ад радасці іхняй

І радуга

Весялей яшчэ

Громам грыміць.

А ў лугах, у палях, у аселіцах

Пераможна

Ўся зелень шуміць...

1986


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан