epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лёдзя

Хто спявае там, хто ходзіць

Цэлы вечар ля стаўка?

Мусіць, то сумуе Лёдзя,

Брыгадзірава дачка.

 

Падарыла сэрца Лёдзя

Трактарысту аднаму.

Ды зацвердзілі на сходзе

Сёння вымаву яму —

 

Што вясной не так скародзіў,

Што вясной не так араў...

А найболей бацька Лёдзін

Трактарыста дакараў.

 

Дакараў, распісваў строга

За агрэх, за след крывы,

Эх, не знаў, відаць, нічога

Камандзір наш палявы!

 

Не гадаў, што вінаваты

Думку думае аб ім:

Як пражыць вось з гэткім татам

Цесцем будучым сваім!..

 

Хто спявае там, хто ходзіць

Цёмнай ноччу ля стаўка?

Гэта ходзіць з любым Лёдзя,

Суцяшае дружбака:

 

Што, маўляў, гаварыць шчыра —

Дык матай сабе на вус,

Што, маўляў, для брыгадзіра

Строгім быць — дык толькі плюс.

 

А што бацька ён суровы —

Гэта, любы, да пары,

Вось папомніш мае словы,

З ім вы будзеце сябры!..

 

Сонца ціха-ціха ўсходзіць

Над люстранасцю стаўка.

Па сялу праводзіць Лёдзя

Дарагога дружбака.

 

З ёй ідзе ён — светлы, юны,

І рашае: як тут быць —

Што б такое ў падарунак

Цесцю строгаму купіць?..

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан