epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лось

Дзе гурт асін на горку ўзбег,

Наш абкружыўшы дом,

Лось разграбаў сыпучы снег

Зялёным капытом.

 

Сухі бруснічнік, мяккі мох,

Чубкі салодкіх траў,

Ядлоўцу лапкі — ўсё, што мог,

Між дрэў ён выбіраў.

 

Але вятры ўсё больш мялі,

Мароз каваў груды,

І хутка зніклі на зямлі

Ад восені сляды.

 

Буран бязлітасна намёў

Суцэльны ўсцяж сумёт,

І вось аднойчы лось прыйшоў

Да нас на агарод.

 

Ён доўга стоена маўчаў

Высозным вартавым,

Як быццам пільна вывучаў

Акно і з хаты дым,

 

Трывожна, мусіць, думаў ён:

Далей яшчэ ці йсці? —

І раптам знік, нібы той сон,

У гушчары-трысці.

 

Сказаў нам бацька: — Значыць, госць

Не прыйдзе больш сюды,

Відаць, трывога ў госця ёсць,

Баіцца, бач, бяды...

 

А мы ўсё верылі чамусь,

Што вернецца ён зноў.

Нямёрзлых на граду яму

Прынеслі качаноў,

 

Вады ў карыта налілі,

Паклалі сена жмут.

І самі хуценька ўцяклі

За сенцы ў цёмны кут.

 

І ён прыйшоў сюды, прыйшоў!

— Глядзі! — шапнуў мне брат.

Лось вёў з сабой таварышоў:

Двух стройных ласянят,—

 

Між елак тых, дзе снег таптаў,

Да нашых вёў дароў

І клічам радасным вітаў

Нас, як сваіх сяброў...

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан