epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Люблю тваё неба, што просіцца ў вочы..."

Люблю тваё неба, што просіцца ў вочы,

І тую, цябе што ўзрасціла, зямлю,

І (рыфмай старой саграшу) твой дзявочы

Лятунак нявызнаны — шчыра люблю.

 

Люблю тыя сцежкі на родным Палессі,

Дзе бегала ты па расе басанож,

І, можа, таму ты мне снішся на ўзлессі

Бярозкай — у краі, дзе коціцца Сож.

 

Люблю твае песні без слоў, у расстанні

Мне сэрца твайго парыванне чутно.

Люблю нават тое, што любым не стане,—

За тое люблю, што з табою яно.

 

І ў час, калі сіл маіх болей не хопіць

Ад цэлага свету свой смутак хаваць,

Скажы, што...

— Нічога... Звычайны быў хлопец.

Адно толькі — сэрцам не ўмеў кіраваць.

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан