epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Любоў і нянавісць мая

Я люблю

І скажу ўсяму свету пра гэта,

Бо хаваць ад людзей

Сваю праўду не звык,—

Я люблю

Палявое гарачае лета,

Гоман лесу

І птушак узбуджаны крык.

 

Я люблю

Дым кастроў на начлежных прывалах

І да самае раніцы

Гоман і смех.

Каб мне неба

Шлях Млечны ўвысі рассцілала

І ўставала мне сонца

Уцехай з уцех.

 

Я люблю

Цэлы дзень за рулём быць, за плугам,

Паштальёнам ісці

Ад сяла да сяла:

Вось, чытайце —

Хто ліст ад найлепшага друга,

Хто паштоўку

Ад той, што ўсё сэрца ўзяла.

 

Я люблю

Адвячоркам з рыбацкае тоні

Човен рыбы прывесці,

Сушыць невады,

А затым — вечарынкай

Пад звонкі гармонік

Кінуць песень вянок

Між дзяўчат маладых.

 

Я люблю

Ўсё, што радасць жыццю нараджае,

Што красой аздабляе

Вялікі сусвет.

Я люблю

І лятунак, што сэрцы збліжае,

І той спеў,

Якім сёння таварыш сагрэт.

 

І варшаўскае вуліцы

Радасны гоман,

І ў чырвоных сцягах

Над Сафіяй блакіт.

Я люблю твае мары,

Негр з Аклахомы,

І твае таямніцы,

Далёкі санскрыт.

 

І таму, што жадаю

Свабоды і сонца

Ўсім народам на свеце

У розных краях,

Так, таму, што люблю

Цябе, радасць, бясконца,—

І жыве ў маім сэрцы

Нянавісць мая.

 

Ненавіджу! —

І ён гэта ведае, хіжы

Вораг вольных народаў,

Падпальшчык вайны.

Ненавіджу! —

Як толькі магу, ненавіджу

Гандляроў на крыві,

Фабрыкантаў маны!

 

І хай ведае свет:

Што я сэрцам прымаю,—

Тое ў шэрагах мужных

Грудзьмі адстаю.

Нездарма

Непахісна на варце трымаю

Разам з шчырай любоўю

Нянавісць сваю!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан