epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Людзі, людзі..."

Людзі, людзі,

Як я зсумаваўся па вершах!

Па любай працы —

Да агнёвага нерваў біцця...

Пачынайцеся, новыя дні!

Дзень першы —

Рупнасці пачуцця.

 

Пакаленне маіх Матросавых,

І маіх Фучыкаў, і маіх Гастэлаў,

Пакаленне маёй мужнасці

І маёй жальбы.

Да вас крычу:

— Не шкадуйце сэрцаў забалелых,

Не жывіце — абы...

 

Памятайце, памятайце,

Памятайце эпох этапы.

Памятайце, памятайце —

Ёсць дзеці і ўнукі ў нас.

Не бачылі яны, не ведаюць,

Як ходзіць па зямлі гестапа,

Могуць і не адрозніць,

Дзе Гімлер, а дзе Фантамас.

 

Прылізаны і піжоністы,

Схаваўшы нахабнасць лютую,

Выйдзе да іх з ухмылачкай,

Прыліпне ўчарашні кат.

 

І бывае —

Заместа радасці

Пастукае ў дзверы пакута,

І бывае —

У самае сэрца

Пацэліць атруты зарад.

 

І тады

пяюць гучныя трубы,

І тады

мы ідзём пахілыя.

І тады

на нашай дарозе

Падымаецца новы грудок.

Да тых, што ўставалі на фронце,—

Яшчэ і яшчэ магілы.

І, як салдат, рыдае

Верша майго радок.

 

Пакаленне маіх Матросавых,

І маіх Фучыкаў,

І маіх Гастэлаў,

Пакаленне маёй трывогі

І надзеі маёй.

Я знаю:

Часамі цяжка

Нават і мужным, і смелым,—

Пад скрухай страт незваротных

Можна сцямнець душой.

 

Часамі пячэ сумленне,

Хістае ўспамін далёкі,

А часам гнеў закалоціць —

Як нехта з твайго палка,

Нават і пахаваўшы сына,

Не забывае прыпудрыць шчокі

І для якой-небудзь Мусі

Прыхаваць кветку з вянка...

 

Я знаю:

не раз уставала

Туга ў вашых сэрцах збалелых.

Ды ўспомніце, як раўнялі

Мы свой у паходзе строй.

Пакаленне маіх Матросавых,

І маіх Фучыкаў, і маіх Гастэлаў,

Памятайце,

якая мара

Натхняла нас грознай парой.

 

Памятайце,

за крывёй, за пакутамі

Мы чыстую светласць бачылі.

Памятайце —

светлых нашчадкаў

Мы бачылі ў новых днях.

Дык будзьце ж заўжды гатовыя

З’явіцца ў мары юначыя,

Гатовыя будзьце

на выручку

Прыйсці

на сыноўніх шляхах.

 

І мяне, мае людзі добрыя,

Таварышы, сябры, паплечнікі,

Не забудзьце —

Дыханне вашае

Мне трэба чуць у хадзьбе.

З вамі, між вас —

ніколі

Не збаюся ні бур я сустрэчных,

Ні ў самай суровай бітве

Прыняць агонь на сябе...

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан