epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Людзі усяе зямлі...

Людзі ўсяе зямлі,

Як добра памятаць,

што мы — людзі! —

Што ёсць у нас цёплае поле

З клічам зары «шыць-палоць».

З водарам белае грэчкі

У радасным пчол перагудзе.

З іржаннем каня над вадою,

Што

толькі што скінуў аброць.

 

Людзі ўсяе зямлі,

Як добра памятаць

пра нашу роднасць:

Што кроў нашых цёплых сэрцаў

Аднолькава ў свеце звініць;

Што,

калі нараджалі нас маці,

Былі яны з ласкаю ў згодзе;

І, каб нарадзіць нас прыгожымі,

Глядзеліся ў люстра крыніц.

 

Людзі ўсяе зямлі,

Каб ведалі вы,

як хочацца

Бясконца ісці разам з вамі

Пад водар прастораў і рэк.

Ісці разам з вамі заўсёды

Пад усмешкі, пад цёплыя вочы,

Ісці,

ад вас не адрываючыся,

У непаўторны наш век!

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан