epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Лугі

Ад вясны,

Калі толькі сыходзіць паводка,

Цераз лета зялёнае

З ночкай кароткай

Да пары,

Калі ўстануць над рэчкай стагі,—

Колькі дзіваў вы бачыце,

Нашы лугі!

 

Вам знаёмы

На руме сякер перазвоны,

Спрэчкі,

Што на прывалах вядуць плытагоны;

Аж да самай зімы

Параходаў гудкі

Не даюць вам заснуць

На ўзбярэжжах ракі.

 

Але сам я не ведаю лепшага часу,

Як пара рупатлівай

Калгаснай касьбы,

Калі з радасцю п’еш

Кубак хлебнага квасу

Пасля працы гарачай

Пад ценем вярбы.

 

Стрэўшы першую

Ў гуле касілак заранку

І да новых і новых

Вясёлых світанкаў,—

На разлогах,

Дзе густа ўзраслі мурагі,

Колькі песень вы чуеце,

Нашы лугі!

 

Тут і песні салдацкія

З слаўных паходаў,

І дзявочыя

З ціхай задумай заўсёды,

І такія,

Што ўсё аж звініць навакол,—

Што спявае

Юнацтва важак — Камсамол.

 

Хутка спорыцца ў радасці

Дружная праца,

Свішчуць косы,

А нам і не ў думках стамляцца.

Дзень міне, сціхне кліч:

— Гэй, дружбак, даганю! —

І гармонік ізноў

Запяе ля агню.

 

Так вось лягуць у копы

Духмяныя травы,

Сена лепшае

Дружна здамо для дзяржавы,

Апусцеюць

Да зімніх дарог берагі,

Але мы не забудзем вас,

Нашы лугі.

 

Будуць помніцца нам

Дзён ліпнёвых прыкметы,

Будуць сэрца будзіць

Гукі песень прапетых,

І зімой,

На сустрэчах дарожных,

Не раз

Мы згадаем касьбу,

Лета радасны час.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан