epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маці і жыта

Маці і жыта.

Два словы і два дарагія паняцці,—

І нараджэнне, і поўня жыцця —

захаваныя ў іх.

Маці і жыта. Жыта і маці.

Двойчы — і ў сэрцы,

і ў думках маіх.

 

Помню маленства гады,

час ліпнёвы бясхлебны.

Маці кладзе на плячо

паржавелы сярпок.

 

Ціха касу папраўляе

пад хусткаю зрэбнай

І прамаўляе ўздыхнуўшы:

— Пойдзем, сынок...

 

І, аббіваючы росы,

ступою павольнай

Крочым мы ў поле

аж пад небасхіл —

да канца

Ціхай дарожкі

на ўзлессі прывольным,

Дзе на палосачцы вырасла

грыўка жытца.

 

Час той — далёкі...

З явы сышоў ён вясковай...

Але і зараз —

у кожны свой міг, як тады,

Чую ўсім сэрцам

водар п'янлівы жытнёвы,

Смак той жытнёвы,

што не забыў праз гады.

 

Перш чым зажаць на вязьмо

жменю жыціначак кволых,—

Помню, адломвала маці

ад іх каласок.

І, памаўчаўшы хвіліну,

з тугой невясёлай

Мне падавала:

— Сілкуйся,

сынок...

 

З прагай вылушчваў я

цёплыя, мяккія зерні,

Дыхаў іх пахам,

паціху здзімаў асцюкі...

Не, не было аніколі,

няма і цяпер мне

Дару такога,

як той быў —

з мазолістай любай рукі.

 

Многа гадоў адплыло,

многа дзей перажыта.

Многа і шчасця, і радасці

стрэў у жыцці.

Ды над усім і заўсёды

Маці і жыта —

Найдаражэйшае шчасце,

лепш не знайсці.

 

Зараз,

калі зажынаю

даспелую ніву

Жыта свайго,

дзе мяжа не відна,—

Бачу маці сваю

у задуме руплівай

І ў дні нягоды

быць мужным хачу, як яна.

 

Што ні спаткала б мяне,

ліхаманка якая,—

Помню маці плячо,

паржавелы сярпок.

Помню голас яе

і заўсёды чакаю,

Што прагучаць зараз словы:

— Пойдзем, сынок...

 

І якія б у свеце

ні спакушалі багацці,

Найбагатшага скарбу

для мяне ў гэтым свеце няма...

Маці і жыта. Жыта і маці.

Жыццё маё.

Радасць. Натхненне.

Песня сама...

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан