epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маці над калыскай

Прыхіліла з ласкай нізка

Маці голаў над калыскай,

 

Прыхіліла голаў, марыць,

Ходзіць сонейка па твары,

 

Вусны шэпчуць да світанку

Думу-песню — калыханку.

 

Хоць яшчэ зусім маленькі

Родны сын яе пярвенькі,

 

Але ў сына верыць, знаю,

Сэрцам

Маці маладая.

 

Як матулі ўсе, заўсёды

Сэрцам верыць, што праз годы,

 

Калі сын у свет пакрочыць,

Дык яе згадае вочы,

 

Яе думы над калыскай

Зразумее сэрцам блізка.

 

А што ў думках у матулі —

Мы, сябры, даўно адчулі:

 

Хоча маці, каб ніколі

Сын не зведаў цяжкай долі,

 

Не зазнаў бяды-напасці,

Жыў у радасці і шчасці.

 

Каб і майстрам быў умелым,

І салдатам мужным, смелым,

 

Ды каб чуў на ўсіх дарогах:

— Вось бы сына мне такога!..

 

Думы маці!.. Спеў сардэчны!..

Слава вам, хвала навечна!

 

Слава ваша не завяне,

Яна ў справах сына ўстане,

 

Звонкай радасцю заззяе,

Што для краю сын прыдбае!

1952


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан