epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маці сына шукае

Маці сына шукае,

У ракіты пытае:

— Адкажы мне хоць ты, маладая,

Адкажы, бо спакою не маю:

Што рабіць?

Як пайшоў па вайну

Сын, дык трэцяе лета

Ані слыху, ні весткі няма,

Ні прывета.

Толькі чула я ў песні,

Быццам ляжаў на прылессі

Ці паранены ён, ці забіты

Пад зялёнай ракітай...

 

Зашумела ракіта,

Адказала матулі:

— Сын твой быў тут калісьці

Варожай паранены куляй.

Але быў ён з сябрамі,

Што глядзелі за ім, як за братам,

Палявымі шляхамі

Зноў пайшлі

на змаганне салдаты.

А куды, я не знаю.

Ты ідзі ў бор дрымучы на Нёмне,

Там вятры спяць у засені цёмнай,

Што па цэламу свету лятаюць.

Разбудзі, запытайся ў вятроў,

Дзе твой сын,

ці ён жыў, ці здароў...

— Дзякуй, любая...—

Маці да пушчы спяшае,

Разбудзіла вятры, ў іх пытае.

Адказаў маці вецер вясновы:

— Бачыў я,

Як з гарматы

Чужаніцаў ён нішчыў ля Львова,

Вёў герояў-салдатаў

У атаку ў славацкіх далінах,

А яшчэ яго бачыў

У баі на руінах Берліна.

Кажа летні ёй вецер:

— Твайго сына і я запрыкмеціў.

Бачыў я, як ішоў ён дадому

З далёкай чужыны,

Як яму, маладому,

Кветкі з ласкай дарыла дзяўчына.

Бачыў, як тым вось полем

Ён за плугам хадзіў,

жыта сеяў...

— А дзе ён?..

— У жыта спытайся ты, дзе ён...

Маці пушчу мінае,

У буйнага жыта пытае:

— Красуеш ты, роднае жыта,

На радасць, на шчасце краіне.

Скажы ж, залатое, скажы ты

Усё аб маім любым сыне.

Буйны хіліцца колас,

Праменнямі сонца наліты.

Пакланілася долу,

Адказвае жыта:

— Не журыся ты, маці,

Сын твой, можа, ўжо ў хаце,

Бо як тут ён з дзяўчынай сваёю

За плугам хадзіў баразною,

Дык усё пра цябе з ёй, каханай,

Песню пеў, сумаваў у той ранак.

— Дзякуй, роднае! —

З радасцю весняй, з надзеяй

Маці ў шлях паспяшае, душой маладзее.

Дзесьці песня пральецца,—

Маці чуецца голас знаёмы.

Стук уласнага сэрца

Аддаецца ёй водгуллем грому.

— Сын жывы!

Маці слёзы глытае.

А навокал зямля расцвітае.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан