epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маці

Была золкая туманная раніца; над азярынай клубіўся туман, калі яна пачула блізка ля сябе гарачае дыханне сабакі. Сэрца падказала ёй, што гэта — вораг. Першым яе жаданнем было нырнуць сярод густых траў, затаіцца ў сітняку. Але яна ўспомніла, што тут жа яе дзеці, крыкнула маленькім трывогу і рашуча ўзнялася на крыло. Яна паднялася і, адляцеўшы, зноў села, прыкінулася непрытомнай, забіла крыламі. І так яна рабіла некалькі разоў, пакуль аддалілася ад дзяцей. Хітрасць яе ўдалася. Сабака ўвесь час гнаўся за ёй. Ёй здавалася ўжо, што яна выратавала сябе і сваіх птушанят, як раптам нешта са страшэннай сілай ударыла ёй па крыле. Яна пачула гулкую грымоту і кінулася на ваду.

Яна была яшчэ маладая качка. Толькі адзін раз злётала да мора, дзе перажыла зіму. Багата чаго яна яшчэ не разумела, але інстынктам адчула, што больш ёй ужо не паляцець. Ударыўшыся аб ваду сярод жоўтых гарлачыкаў так, што пырскі паляцелі ва ўсе бакі, качка глыбока ўдыхнула паветра і нырнула. Яна здагадвалася, што сабака будзе яе шукаць і што ёй нельга выныраць. Вада з сілай імкнулася выкінуць яе наверх, але качка трымалася дзюбай і нагамі за карэнні траў і так пасоўвалася ўсё далей ад таго месца, дзе ўпала. Толькі праз нейкі час, калі ёй стала цяжка стрымліваць дыханне, моцна трымаючыся за сцябліну гарлачыка, высунула галаву з вады і прагна хапанула паветра. Але тут жа ёй давялося схавацца зноў. Яна агледзелася, што не туды ўзяла напрамак пад вадой,— зусім недалёка ад яе чулася хаўканне і лопанне па вадзе сабакі. І тут жа пачуўся голас таго, хто адабраў у яе права лётаць на сваіх крылах.

— Шукай, Дукат, шукай! Ды хутчэй жа, брат, хутчэй!..

Ёй было страшна далей чуць і гэты голас, і хрыплы брэх сабакі; яна нагледзела далёка ад берага азярыны маленькую купку сітняку, амаль на самай сярэдзіне, на глыбіні, і, нацэліўшыся туды, зноў нырнула. Хутка-хутка перабіраючы нагамі, яна імкнулася наперад, адзін раз ледзь не выскачыла на паверхню, але зноў сабралася, і вось перад ёю на глыбіні затрымцеў пад вадою сітняк. Качка схапілася за яго, перабралася ў яго гушчар і тады спакойна, нячутна ўсплыла. Цяпер яна была ў бяспецы. Сабака шукаў яе зусім у іншым баку, а паляўнічы закінуў стрэльбу за плячо. Яна пачула:

— Хадзем, Дукат... Пашукаем другі раз...

Яна бачыла, што сабака не хацеў адыходзіць, ноздры яго раздзімаліся, і ён нават непаважна паглядзеў на гаспадара. Ёй было ясна, што сабака чуе яе. Але гаспадар гукнуў на сухое, і сабака паплёўся за ім, раз-пораз азіраючыся на азярыну.

Качка доўга яшчэ сядзела, адпачываючы. Перабітае крыло моцна балела, з яго ў ваду сцякаў тоненькі, як нітачка, струменьчык крыві. Яна не ведала, што можна зрабіць, каб памагчы свайму гору, і верыла, што ўсё роўна загіне. Думка яе спынялася зараз толькі на тым, каб вярнуцца да дзяцей, каб пажыць хоць, пакуль яны трошкі падужэюць. Вельмі хацелася ёй зараз жа вырвацца са свае сховы, ды яна стрымлівалася, бо ўспомніла расказы сваіх старэйшых сябровак, якая хітрая гэта істота на дзвюх нагах — чалавек. Качка чакала, перабіраючы дзюбай пярынкі на ўцалелым крыле. І толькі тады, калі доўгія ногі чалавека ўзышлі на далёкі лугавы пагорак, яна выплыла з сітняку, хуценька перабралася цераз чыстую ваду да маладога чаратняку,— туды, дзе пакінула сваіх дзяцей, і ціха выгукнула заклікальнае «ка-а».

Восем шэра-рудаватых мячыкаў высыпала з розных бакоў. Усе былі цэлыя, і ўсе радасна кінуліся да маці. Яна паглядзела на іх жаласна-замілаваным позіркам і горка ўздыхнула: якія яны ўсе яшчэ малыя! Толькі трое дужэйшыя ўмелі падлятаць, і зараз яны, радуючыся сустрэчы, дурэлі: падымаліся на крыльцы, узляталі, куляліся ў ваду. Астатнія таксама спрабавалі адарвацца ад вады, але няўдала.

Маці ведала, што хутка будуць лётаць і яны, трэба не так многа часу, але ці дачакаецца яна гэтага, ці хопіць у яе крыві, якая па кроплі ўсё сочыцца і сочыцца з балючай раны?

Качаняты не ведалі, што здарылася з іхняй маці. І яна хавала ад іх сваю бяду. Нашто іх засмучаць! У гэты адказны момант у яе жыцці яна зрабілася яшчэ ласкавейшай і, займаючыся з дзецьмі, перабірала ў памяці ўсе знаёмыя ёй мясціны на гэтым забалочаным лузе. Яна старалася ўспомніць такую, дзе можна было б захаваць дзяцей ад небяспекі, пакуль яны змогуць самі выбраць сабе шлях, паляцець далёка, куды захочуць.

І яна прыгадала такі куток. Гэта было не так далёка адсюль, хоць, праўда, шлях туды быў і не такі бяспечны. Яна ўспомніла, што зусім ранняй вясной, у пару свайго каханыя, калі кругом на лузе яшчэ стаяла вада, прыляцеўшы з цёплага краю, яны з сяброўкамі, а найбольш з яе прыгожым дружбаком-качарам, бавілі час пасярод вялікага возера на выспе, зарослай непралазнымі вербалозамі і маладым крушыннікам. Вельмі спадабалася тады ёй тая выспа, яна, магчыма, і засталася б там гнездавацца, калі б не залішне бесклапотны характар яе маладога сябра, які адразу паказаў, што не любіць ні гнязда, ні сям’і, а толькі вечнае каханне. Ёй было незразумела гэтае пустое каханне, яна прагнула мець дзяцей. І таму аднойчы, калі качар заснуў пасля яе ласкі, яна непрыкметна слізганула ў гушчу маладой асакі, не падымаючыся, перабралася на пазелянелы бераг лугу, што некалькі дзён ужо быў без вады, і там яшчэ доўга паўзла, не падымалася, бо ведала, што яе пільны сябра, адзін на холадзе ночы, хутка прачнецца. А прачнуўшыся, кінецца яе шукаць, знойдзе і верне назад. Толькі як выспа схавалася ўдалечыні, качка паднялася і над самай зямлёй паляцела. Ужо на ляту яна чула, як крычыць і лямантуе пакінуты ёю халасты бедалака. Але яна не спынілася. Нічога, хай палямантуе, можа, знойдзе сабе новую сяброўку, такую, якой таксама падабаецца бесклапотнае каханне.

Вось тут яна і спынілася і зрабіла гняздо, дзе сёння падстрэліў яе паляўнічы. Добра было тут: і сітнік, ля якога стаялі аконцы чыстай вады, і красачкі з цёплай гразёю ля берага, дзе многа чарвякоў і салодкіх стрэлак, і густы мяккі мурог... Добра было б тут падрасці качанятам, ды нельга больш тут заставацца. Яна была цвёрда ўпэўнена, што паляўнічы сюды вернецца, а сабака, нарэшце, пазнаходзіць і перадушыць яе нявопытных дзяцей. Нельга тут пакідаць іх адных. Пакуль яна жыве, яна павінна перавесці іх у такое надзейнае месца, дзе яны падрасталі б спакойна...

Качка хацела зараз жа кіравацца да знаёмай выспы, але заўважыла, што і яна і вывадак пакідаюць на траве прыкметны след. Яна здагадалася: гэта таму, што яшчэ не знікла раса. Значыць, трэба перачакаць. Яна гукнула дзецям, усе разам заплылі у густы чаратняк і там прытаіліся. Паднялося сонца, прайшоўся лёгкі ветрык. Чыстыя росы-слязінкі, што віселі на суквеццях сітняку, менелі, менелі і хутка прапалі. Званчэй зашумела асака. Вербалоз, які раней адсвечваў светлымі кропкамі з вострых лістоў, зрабіўся цьмяным. І, наадварот, сталі бліскучымі шырокія лісты жоўтых гарлачыкаў. Усё гэта падказала качцы, што можна выбірацца.

Каб дасягнуць возера з запаветнай выспай, трэба было перайсці лугавую нізіну і шырокі пагорак. Калі б качка і яе качаняты маглі ўзняцца і паляцець — ім спатрэбіліся б на гэта лічаныя хвіліны. А так перад імі ляжаў нялёгкі шлях. І, хоць луг быў пустынны, качка больш баялася небяспекі з паветра, дзе мог з’явіцца маланкавападобны драпежнік-ястраб ці не менш драпежны балотны лунь. І таму качка пільна наглядала, каб качаняты не паказваліся на адкрытых мясцінах, а трымаліся гусцейшай травы і там, дзе зямля найбольш куп’істая. Затое якая ж была ад гэтага ёй пакута самой! Вострая асака агаліла на параненым крыле пераламаную костачку, і нават лёгкі дотык чаго-небудзь цвёрдага прыносіў качцы нясцерпны боль. Яна старалася перасоўвацца бокам — здаровым крылом наперад, аберагаючы параненае. Але гэта не дужа памагала. Травы, як на злосць, вярэдзілі рану, сцябалі па ёй, а часам сцябліна чаплялася за пералом, і тады качка, знепрытомнеўшы, вымушана была спыняцца, каб вызваліцца з балючага палону. А кроў з раны сачылася і сачылася. Калі качка дабралася з качанятамі да берага возера, сіл у яе заставалася мала.

Аднак, убачыўшы ваду і сваю зялёную выспу на ёй, качка адразу пажвавела. Агледзеўшыся і пераканаўшыся, што навокал — ні на зямлі, ні ў небе — нічога небяспечнага няма, яна спусцілася з берага, а за ёй плюхнуліся ў ваду і качаняты. Здаровай і дужай яна нізавошта не павяла б сваіх дзяцей днём па чыстай вадзе. Яна павяла б іх блізка ля берага, дзе чараты перапляліся з сітняком і лісцём рагозу, утварыўшы цяністую надзейную схову. А цяпер яна не магла гэтага зрабіць,— ёй трэба было спяшацца, бо яна адчувала, што жыць заставалася мала.

На вадзе качку не так мучыў боль, і была яшчэ радасць, што яна зноў на родным улонні. Гэтая радасць значна ёй дапамагала. Вось ужо і выспа, усё мінулася добра. З вялікім намаганнем яна выбралася на выспу, каб паказаць качанятам, дзе яны будуць падрастаць. Яна выбралася і адчула, што хутка загіне. Нешта цёмнае пачало насоўвацца ёй на вочы. І, можа, яна так і памерла б тут на вачах сваіх дзяцей. Але раптам яна пачула,— на тым беразе, адкуль яны нядаўна адплылі,— такі ненавісны ёй брэх сабакі. І гэты брэх ажывіў ужо затухаўшую яе думку, абудзіў яе апошнія сілы. У яе бліснула здагадка, што гэта, мабыць, тая кроў, якую яна пакінула на траве, дала сабаку след да возера. І, значыць, яе дзеці зноў будуць у небяспецы, калі яна чаго-небудзь не зробіць. І яна рашыла не чакаць сваёй смерці, а пайсці ёй насустрач.

Ціха гукнуўшы качанятам, каб яны хаваліся, качка спаўзла ў чараты, абагнула выспу і паплыла да берага, сугіроцьлеглага таму, дзе шукаў яе сабака. Яна плыла ў гэтым напрамку датуль, пакуль не пачаліся зараснікі сітняку. Тут яна змяніла свой шлях: рассоўваючы сцябліны, яна ўзяла кірунак на брэх сабакі і свіст паляўнічага. Яна плыла туды, увесь час хаваючыся. І толькі тады, калі блізка ад сябе пачула варожыя галасы, перастала хавацца. Больш таго — яна выплыла на чыстае месца, каб яе хутчэй заўважылі.

Першы стрэл, які грымнуў усё ж нечакана для качкі, не зрабіў ёй новай шкоды, і яна інстынктыўна сабралася ў камяк, каб нырнуць пад ваду, залапатаўшы здаровым крылом. Але другі стрэл не даў ёй гэтага зрабіць. Безжыццёва павісла яна на чараціне і ўжо не чула, як крычаў паляўнічы:

— Дукат, сюды!.. Не шукай там нічога, вось яна!.. Калі сабака дастаў і прынёс забітую качку, паляўнічы здаволена пахваліў сябе і свайго памочніка:

— Ну, брат, і малайцы мы з табой! Колькі яна ні хавалася, а ўсё ж не ўцякла ад нас! Хадзем адсюль!..

Паляўнічы, паляўнічы!..

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан