epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Май

У зеляніне — даляў роўнядзь.

Заліты сонцам небакрай.

І сад зацвіў, і на далонях

Бурштын расы, што кветкі роняць

Гэта — Май.

 

У сэрцы цесна песні стала...

Што ж, дай ёй крылы, не трымай!

Дзяўчына хлопца пакахала,

І сёння ёй і крылаў мала.

Гэта — Май.

 

З усёй зямлёю сэрца ў лёце,—

Працуй, шчаслівы свет стварай!

І думкам весела ў рабоце,

І радасць свеціцца ў турбоце.

Гэта — Май.

 

А ў дзень святочны кліча маці

Гарніста-сына: паспяшай!

Спявае вуліца, і ў хаце

Так прагне сэрца адказаць ёй!..

Гэта — Май.

 

І радасць коціцца нястрымна.

Вышэй жа сцяг свой падымай!

Ідзе па краі з родным гімнам,

Ідзе з салютам — зараз грымне —

Шчаслівы Май.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан