epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мая рэспубліка

Не завіце маю рэспубліку

Краінай цёмных лясоў!

Паглядзіце —

Над ёю свецяцца

Агні завадскіх карпусоў.

 

Не завіце маю рэспубліку

Краінай ціхіх далін!

Паслухайце —

Як грымяць над ёй

Галасы магутных турбін.

 

Не завіце маю рэспубліку

Краінай багнаў-аблог!

У садах яна

Разліваецца,

У жытах яна

Калыхаецца,

Разбягаецца

Ў стрэлах дарог.

 

У паглядзе краіны сённяшнім

Мінулай тугі не шукай.

Цудоўнаю кнігай сонечнай

Яна прад вачмі — чытай.

 

Святлом яе твар азораны,

Авеяны цеплынёй.

Але якую гісторыю

Прайсці давялося ёй!

 

*

Ты ведаеш, як над лучынаю

Вочы сляпіць, скажы?

Ты ведаеш, як з мякіны

Есці сухія каржы?

 

Ты ведаеш, што такое

З торбай ісці па вясне

І сэрца сваё маладое

Сушыць у няволі?

— Не!

 

Не, дружа, не ведаем гнуцца мы

Пад горам у цяжкі час! —

Кастрычніцкая рэвалюцыя

На свет нарадзіла нас.

 

Ленін вялікі і партыя

Нас у змаганні вялі.

І з імі мы, сэрцамі ўпартыя,

Змянілі воблік зямлі.

 

Цвітуць нам Крамлёўскімі зорамі

Будучыні маякі.

Так, дружа, не ўведалі гора мы,

Але яго помняць бацькі.

 

Ім помняцца турмы праклятыя

І царскія кайданы,

Нагайкі, над краем узнятыя,

Якімі іх секлі паны.

 

І даўнасць згадаць толькі варта ім —

Як сціснуцца кулакі,

І нат успамін аб манархіі

Гатовы ўзняць на штыкі.

 

*

І вось чаму так, як, можа быць,

Яшчэ не любіў ніхто,

Іх мужнасцю заварожаныя,

Мы любім сваіх братоў.

 

Мы любім народ, што ўласнаю

Рукой сарваў ланцугі

З пакутных усіх

і ў яснае

Жыццё без слёз і тугі

 

Дарогу праклаў, каб крочылі

Мы ў камунізма зару.

І ты ўпершыню свае вочы

Адкрыла на свет, Беларусь.

 

Вялі цябе роднаю шыраю

Сцежкі усе на ўсход.

Гукаў цябе з любасцю шчыраю

На подзвіг рускі народ.

 

*

Шчаслівая праца вялікая,

Дзяржаўныя трыццаць гадоў.

Я ў песню сёння паклікаю

 

Сям’ю сваіх гарадоў.

 

Вось ён устае пад Гомелем,

Фабрык магутны строй.

Прасторы гудуць іх гоманам

І ранняй і позняй парой.

 

Я пакажу вам прасторныя

Цэхі, дзе плавіцца сталь.

Народзіцца тут ля горнаў

Для новай машыны дэталь.

 

Я вам пакажу, як дбала

Робім мы чыстае шкло,

Каб сонца Радзімы ў ім ззяла

І ў хаты нясло святло.

 

А Віцебск з яго маторамі —

Хіба не чароўны ён,

Калі ляціць аж пад зоры

Пнеўматыкі важкі звон?!

 

Ён цяжка вайною зранены,

Але ўжо хутка ізноў

Яшчэ харашэй устане ён

Сярод сяброў-гарадоў.

 

Як колісь, з цэхаў адноўленых

Плывуць Магілёва шаўкі.

І Гродня выйшла з будоўлямі

На бераг Нёмна-ракі.

 

А вось мы ля новых паселішчаў.

Чыя тут краса, чыя?

Гэта у новай велічы

Ўзыходзіць сталіца мая.

 

Вось месца, дзе гліну мясілі мы,

Каб першы будынак устаў,

А сёння аўтамабілямі

Нас новы завод прывітаў.

 

Вось тут пілавіннем веялі

Нядаўна яшчэ вятры,

А сёння відаць на канвееры

Першыя трактары.

 

Сняжынкі над стрэхамі кружацца;

Ім не знайсці ўжо руін.

Мінск! Горад славы і мужнасці,

Ты лепшы рэспублікі сын!

 

А зараз пад Брэст, як надоечы,

На нівы кінем пагляд.

Я вам пакажу не тоячы,

Які ў нас расце вінаград.

 

Калгаснае, нашае, роднае

Я вам пакажу зярно —

Шчаслівы здабытак народны.

Глядзіце — якое яно.

 

Такое зярно каб вырасціць,

Убачыць трэба ўдалі

Жыцця

зіхатлівыя вырысы

І будучыню зямлі.

 

І мы гэта бачым, багатыя

І марай і явай,— вер.

Народ, што быў простым аратым,

Цяпер — аграном, інжынер.

 

*

Не завіце маю рэспубліку

Краінай цёмных лясоў!

Паглядзіце —

Над ёю свецяцца

Агні завадскіх карпусоў.

 

Не завіце маю рэспубліку

Краінай ціхіх далін!

Дзень і ноч

Не сціхаюць, грымяць над ёй

Галасы магутных турбін.

 

Не завіце маю рэспубліку

Краінай багнаў-аблог!

У садах яна

Разліваецца,

У жытах яна

Калыхаецца,

Разбягаецца ў стрэлах дарог.

 

*

І за гэта жыццё чароўнае,

За работ непачаты край,

За крыніцу натхнення поўную

Любім мы цябе,

родны край.

 

Любім мы цябе ў дні хвалявання,

У гарачыя дні вясной,

Калі пахнуць на рыштаваннях,

На будоўлях бёрны смалой.

 

Калі чуцен —

аж сэрца расчуліцца —

Шум работ з чатырох старон,

Калі мінскія плошчы і вуліцы

Адзяваюцца у бетон,

 

А пад Слуцкам усцяж сады цвітуць,

А ў палях гудуць трактары,

Параходы шыбуюць па Прыпяці,

Каласяцца жыты ў Мазыры.

 

Любім мы цябе ў дні клапатлівыя

Прадасенняй яснай парой,

Калі клічуць у поле нівы

Урадзіўшаю збажыной,

 

Калі ўдаль, грукочучы ў дыме,

Па абшарах скрозь, нацянькі,

Несучы табе скарбы Радзімы

І твае ёй,— бягуць цягнікі.

 

Любім мы цябе ў хвілі вячэрнія,

Пасля шуму працоўнага дня,

Калі ты расцвітаеш над скверамі

І садамі ў яркіх агнях.

 

Любім мы цябе, край, апоўначы,

Калі чутна, як крочаць здаля

Да шляхоў тваіх, сілы поўныя,

Гукі гімна ад сцен Крамля.

 

Любім мы цябе ў пору світання,

Калі мы, твае дзеці,— народ,

Сустрач сонцу глядзім з хваляваннем,

З ласкай шчырай глядзім на ўсход.

 

Там Масква,

там вялікая, родная,

Дарагая, брацкая Русь.

З імі будзеш ты шчаснай,

свабодная

Дачка СССР, Беларусь!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан