epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Мая зіма

Просіць сын: раскажы

Пра зіму марозную.

А я ж бачу яе

Пад блакітам — слёзную.

Просіць сын: раскажы

Пра буран-мяцеліцу.

А я ж бачу — зіма

Ручаямі сцелецца.

Не люблю я, сын, зімы

З гурбамі-сумётамі,

З маразамі-калунамі,

З бурамі-залётамі.

Надакучыла-абрыдла

Мне зіма з віхурамі,

Як ляжаў я у акопах

Каля сёл разбураных,

Як сяброў я хаваў,

Скатаваных ворагам,

Выпякаючы магілы

Пад снягамі порахам...

А люблю я, сын, зіму,

Калі сонца ўзбудзіцца,

Снег пагнаўшы да рэк

Па равах і вуліцах,

Калі цёплыя вятры

Пройдуць пералескамі,

Калі ціхая зямля

Зацвіце пралескамі.

Гэткім часам заўжды

Я згадаю многае:

Як ішлі мы на Берлін

Гулкаю дарогаю,

Як, закончыўшы вайну,

У жыццё вярталіся,

Каб сягонняшнія дні

Шчасцем наліваліся.

Вось чаму люблю зіму

Я, мой сын, не грозную,

А прад самаю вясной —

Пад блакітам слёзную.

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан