epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маякі

Зірне капітан з-пад правай,

Зірне з-пад левай рукі:

На сотні вёрст навакола —

Усё маякі, маякі.

 

Ці то маякі, ці то сонцы

Над роднаю Волгай-ракой?

Не бачылася капітану

Яна ніколі такой.

 

Шырокія светлыя хвалі

Рачны нясе акіян.

З любоўю на шлях агністы

Глядзіць юнак-капітан.

 

І бачыць ён, як свой воблік

Мяняе Радзімы зямля,

Каб яснай была між мораў

Дарога яго карабля.

 

І радасна капітану,

Такое ў душы пачуццё,

Што — чуе юнак — яго хопіць

Яшчэ на другое жыццё.

 

Якія б ні стрэліся штормы,—

Нішто яго сэрцу не ў знак,

Бо між маякоў над зямлёю

Ёсць самы шчаслівы маяк.

 

Маяк, што відаць ва ўсіх далях,

Што нам запалаў на вякі,

Каб падымалі народы

На новых шляхах маякі.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан