epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Майму раёну

Былі цары — за Русь умелі біцца.

А былі царкі —

без цара ў галаве.

Але дзе яны?

Той час даўно й не сніцца.

А народ жыве.

А народ жыве.

 

А народ —

асілак несмяротны,

Быццам пыл, змахнуўшы ўсіх царкоў,

Аздабляе,

Узбагачае

край свой родны,

Край дзядоў,

Край бацькоў.

 

Розных бур нямала пакружыла

Над любімай ціхай стараной.

Толькі ў нас

Такая кроў у жылах,

Што за край, дзе маці нарадзіла,

Мы заўжды сцяной,

Мы заўжды сцяной.

 

Сёння пішам пісьмы, ставім

цвёрда:

Мой раён!..

І хоць, як поля сын,

Ён не славіцца

грымлівым шумам горада,

Ды жыве ў дружбацкіх сэрцах

гордасць,

Што такі — адзін,

Што такі — адзін.

 

Ён за ўсіх і журыцца,

і ў шчасці

Вывесніць для кожнага пачын.

І сваю

ў юнацтве песню скласці

Ён нас навучыў,

Ён нас навучыў.

 

Гулкая вясна, зямля крынічная.

Шчырая сляза і звонкі смех...

Хай заўсёды,

як і змалку, зычна

Кліча родны край,

хай вечна кліча

Цеплынёю ўцех,

Цеплынёю ўцех.

І няхай яго заўсёды помніць

Кожны сын

і ў шчасці і ў журбе!..

Слаўгарад,

змагар, баец нязломны,

Слаўгарад,

пясняр, сявец нястомны,

Крочу да цябе,

Крочу да цябе!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан