epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Маёвы лес..."

Маёвы лес,

Лістоту пахкую

І ландышаў чародкі

Радасцю салодкай

Абдарыла пеначка.

 

Іду, іду па маёвым лесе,

І ўсё мне здаецца:

Вось-вось распукне**цца

Сэрца

Мільёнамі ландышаў.

 

Распукне**цца сэрца

Мільёнамі ландышаў —

І прыйдуць,

І сарвуць іх людзі.

І балець не будзе

Сэрцу ніколечкі.

 

Бо ёсць лес,

Лістота пахкая,

І пеначка галасістая,

І радасць з імі — такая чыстая,

Што ўсё загоіць!..

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан