epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маладосць

І няхай,—

Няхай мне з бурай знацца,

Хай прайду хоць сотні лішніх вёрст! —

Не пакіну радасна стамляцца,

На шляхах не згасне мой касцёр.

 

Буду спаць начамі пад сасонкай,

Буду піць ад смагі росы з траў,

Толькі б спеў юнацтва наўздагонку

Мне ляцеў і далей выпраўляў.

 

І будзіў трывогу, каб нанова

Я ішоў далей па ўсёй зямлі —

Па зялёных павадках жытнёвых,

Па шляхах, што ў пушчах праляглі.

 

З малых год мне кажа шлях краіна

Па сваіх прасторах векавых:

Там — расціць ёй трэба садавіну,

Там — пракласці трасу сярод крыг,

 

Там — я столяр, устаўляю раму,

Там — чакаюць плуга дзірваны,

Там — руду падняць з глыбінь Петсама,

Там — саткаць ёй ветразь ільняны.

 

І ніхто нідзе ніколі ў свеце

Спраў такіх не мог тварыць, як я.

Як заўсёды — першая прывеціць

Шчодрасць сэрца

маладосць мая.

 

Ёй бы ўсё хутчэй, далей бы крочыць,

Ёй бы ўсё шукаць і спасцігаць:

Новых дзён абрысы бачаць вочы;

І сцягі ярчэй, ярчэй гараць.

 

І няхай —

Няхай мне з бурай знацца,

Хай прайду за сотні лішніх вёрст —

Не пакіну радасна стамляцца,

Не стушу ніколі свой касцёр!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан