epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Малады лес

Калі паспеў ён гэтак гонка

Над родным шляхам шугануць?

Рады —

бярозы ды сасонкі —

Ажно пад воблакі імкнуць.

 

Стаіш, захоплены, глядзіш:

Якая выш, якая выш!

 

Лес малады — і шэптаў поўны,

І звонаў сонечных мясцін.

І рэха

Голасам чароўным

То мару ўзбудзіць, то ўспамін.

 

То пазаве: ідзі, не стой,

Юнацкі скарб здабудзеш свой...

 

І вольна ў гэтым лесе дыхаць

Сунічным водарам густым.

І паблукаць, падумаць ціха

Пад мройным полагам лясным.

 

І лёгка ў светлым пачуцці

Удзячны спеў яму знайсці.

 

Адно шкада: высокі ростам,

Яшчэ ён слаба ўросся ў дол.

Віхура ўсходзіцца —

і проста

Упаў, бач, вывернуты ствол.

 

А там ляжаць другі і трэці...

Хоць плач — ну быццам нашы дзеці.

 

Глядзіш з тугой на невясёлы

Нягоды след на паласе

І хочаш крыкнуць,

каб наўкола

Цябе пачулі дрэвы ўсе:

 

— О стройныя, любой парой

Гартуйце свой прыгожы строй!

 

Шукайце дужасці ў зямліцы,

Бярыце сокі ў глыбіні.

Хоць як хай грозяць навальніцы,

А вы мацуйце карані.

 

А вы пускайце іх шырэй!

За дол трымайцеся шчырэй!

 

Глядзіце зырка ў сонца высі,

Шукайце ў небе цуд-красы.

Ды помніце: з зямлі ўзняліся

Усе магутныя лясы!

 

Мацней, надзейней, чым сама

Зямля,

нічога больш няма!..

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан