epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Маладыя паплечнікі

Усё вы, ўсё пазналі і адчулі...

За ўсё даўно гатовы свой трымаць адказ...

Ну што ж, калі над вамі не свісталі кулі...

Затое

неслі ношу

часам і за нас...

 

Гляджу і веру:

вы і на высокі,

на Гастэлы ўзлёт гатовы...

Адно прашу вас:

зразумейце —

што гэта за міг...—

Што, ідучы на смерць, не йграюць словам...

Не выпінаюць грудзі між другіх...

 

Ні ў сціпласць не гуляюць, ні ў вялікасць.

Ні радасць не вяшчаюць, ні тугу...

А так:

Магу, дык і зраблю...

Усё зраблю, як родны свет паклікаў...

І нават і тады зраблю,

калі і не магу!..

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан